ПТУШАНЯ́ТНЫЯ ПТУ́ШКІ,

група птушак, птушаняты якіх ад вылуплівання да пераходу да самастойнага жыцця развіваюцца ў гняздзе. Яны няздольныя самастойна перамяшчацца і адшукваць корм і патрабуюць пастаянных клопатаў бацькоў. На Беларусі ў арнітафауне да П.п. належаць усе віды вераб’інападобных, голубападобных, дзятлападобных, зязюлепадобных, ракшападобных, стрыжападобных і інш.

Яйкі П.п. маюць адносна мала жаўтка, які да моманту вылуплівання амаль поўнасцю спажываецца. Птушаняты вылупліваюцца голыя або з недаразвітым пуховым покрывам, няўстойлівай тэрмарэгуляцыяй, з закрытымі вачыма і вонкавымі слыхавымі праходамі, слабаразвітай мускулатурай. На розныя вонкавыя раздражняльнікі рэагуюць аднолькава: выцягваюць шыі і разяўляюць раты. Птушаняты застаюцца ў гняздзе ад 10 дзён (некат. вераб’іныя) да 3 месяцаў (грыфы). Гл. таксама Вывадкавыя птушкі, Паўвывадкавыя птушкі.

Да арт. Птушанятныя птушкі: 1 — у гняздзе валасянкі ястрабінай; 2 — у гняздзе дубаноса звычайнага.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)